РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ),

Маскоўскі патрыярхат, найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл. Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл. Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк. расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.​І.​Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт. Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус. правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял. Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.​М.​Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг. л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл. Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б. сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац. правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр. правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст. правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс. чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».

Літ.:

Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;

История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;

Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)